ДАГАВО́Р ДЗЕВЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб Кітаі. Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Японіі і Кітая. Паводле дагавора абвешчаны прынцып суверэнітэту і тэр. цэласнасці Кітая, бакі абавязваліся прытрымлівацца ў Кітаі прынцыпу «роўных магчымасцей» у гандл. і прадпрымальніцкай дзейнасці, не выкарыстоўваць унутрыкіт. абставіны з мэтай атрымання спец. правоў і прывілеяў, якія маглі прычыніць страты правам і інтарэсам інш. дзяржаў — удзельніц дагавора; Японія адмовілася ад свайго манапольнага становішча ў Кітаі і абавязалася вярнуць яму былыя герм. канцэсіі ў Шаньдуні, вывесці адтуль свае войскі. Дагавор парушыла Японія, якая ў 1937 развязала вайну супраць Кітая.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)